Палітыка расейскага самаўладдзя адносна яўрэйскай супольнасці Беларусі (13128-1)

Посмотреть архив целиком

Палітыка расейскага самаўладдзя адносна яўрэйскай супольнасці Беларусі (1772-1855 гг.)

Вольга Сабалеўская

Выбар храналагічных межаў даследавання вызначаны этапамі фармавання палітыкі расейскіх уладаў адносна яўрэяў. Аўтар бачыць відавочнасць уплыву субектыўных фактараў на фармаваннеяўрэйскага заканадаўстваі звязвае этапы афармлення юрыдычнага статусу яўрэяў Расеі з перыядамі праўлення манархаў: Кацярыны II (1762-1795 гг.), Паўла I (1796-1801 гг.), Аляксандра I (1801-1825 гг.), Мікалая I (1825-1855 гг.). Пачатковая дата - 1772 г., знаменавала ператварэнне яўрэяў у падданых Расеі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, што мела вынікам узнікненне асаблівага напрамку ў расейскай законатворчасці і змяненні ў сацыяльна-эканамічным і палітычным становішчы яўрэяў Беларусі. Канцавая дата - 1855 г., зяўляецца годам заканчэння праўлення Мікалая I і, разам з тым, завяршэннем асаблівай, феадальна-прыгонніцкай эпохі ў гісторыі Расеі. Цараванне яго пераемніка Аляксандра II унесла кардынальныя змены ў жыццё яўрэяў, адкрыла для іх новыя магчымасці ў адукацыі, вытворчасці і палітыцы, акрэсліла іншы падыход да вырашэнняяўрэйскага пытанняу Расеі.

З часоў сярэднявечча расейскія манархі сустракаліся з праблемай яўрэйскай эміграцыі з Заходняй Еўропы. Але яны знаходзіліся ў палоне негатыўных стэрэатыпаў пра яўрэяў альбо клапаціліся аб стварэнні добрых умоваў для гандлёвай дзейнасці ўласных падданых, а таму непрыхільна пазіралі на яўрэйскіх купцоў. Ім забаранялі асядаць на прасторах Расеі Аляксей Міхайлавіч (1655 г.), Кацярына I (1727 г.), Елізавета I (1743 г.) і інш. Першай імператрыцай, якая згадзілася прыняць прадстаўнікоў яўрэйскай супольнасці ў лік расейскіх падданых, стала Кацярына II (1762-1795 гг.).

Яўрэйскае пытаннепаўстала перад ёй адразу пасля прыходу да улады, калі група вышэйшых саноўнікаў прапанавала дазволіць яўрэям уезд у Расею. Існавала плётка, што шлях гэтайчалавекалюбівай думцыу галовы царадворцаў масцілі яўрэйскія капіталы. Але, нягледзячы на іх старанні, на той час пытанне было вырашана негатыўна: Маніфест 1762 г. запрашаў у краіну ўсіх іншаземцаў, акрамя яўрэяў. Але не будзем спяшацца і абвінавачваць маладую царыцу ў спрадвечнай варожасці да яўрэяў ці то ў хрысціянскім фанатызме, як тое робяць некаторыя гісторыкі (напрыклад, П.Джонсан [1]). Разумная, добра адукаваная Кацярына, якую нават недобразычліўцы прызнавалі здольным дыпламатам, была выхаваная ў Германіі, дзе яўрэйскае прадпрымальніцтва з часоў сярэднявечча стала звычайнай справай. Насельніцтва Расеі было пазбаўлена непасрэднага кантакту з прадстаўнікамі яўрэйскай супольнасці і таму мела нямала забабонаў, звязаных з іх незвычайным знешнім выглядам і звычаямі. Для імператрыцы гэтага забабону не існавала. Кацярыне быў вядомы вопыт суседняй Рэчы Паспалітай, дзе яўрэі, выконваючы ролю гандлёва-прамысловага саслоўя, знайшлі ўдалую нішу і сталі неабходнай часткай аграрнай эканомікі краіны.

На фармаванне рашэння Кацярыны паўплывала яе ўласнае няпэўнае на той час становішча ў Расеі. Немка, пратэстантка, хрышчоная ў праваслаўе, яна ішла да імператарскай кароны праз змову і палацавы пераварот. Каб утрымацца на расейскім троне, ёй трэба было набыць у народзе папулярнасць. Шлях да гэтага быў адзіны: неабходна было праводзіць палітыку, процілеглую лініі папярэдніка - Пятра III. Таму асноўнымі лозунгамі Кацярыны II сталі шанаванне нацыянальнага рускага і ўмацаванне праваслаўя. Яна не магла пачаць сваё цараванне ў краіне, дзе распаўсюджана варожае трактаванне яўрэяў, з дазволу на іх ў’езд. Гісторык 19 ст. Міхаіл Шугураў прыводзіць наступны запіс Кацярыны ў асабістым дзённіку: “Пачаць цараванне ўказам пра вольны ў’езд яўрэяў было б дрэнным сродкам для заспакаення розумаў, прызнаць жа вольны ў’езд яўрэяў шкодным было немагчыма” [2]. Таму вырашэнне “яўрэйскага пытання” было пакінута на няпэўны час.

У 1772 г. з падзелам Рэчы Паспалітай у склад Расеі трапілі тэрыторыі з амаль 100-тысячным яўрэйскім насельніцтвам. Як адзначалася ўжо вышэй, у гаспадарцы Рэчы Паспалітай яўрэі выконвалі асаблівую ролю. Нельга не згадзіцца з М.Маўрахам, які піша: “У канцы 18 ст. яўрэй нават пры замаруджаным прагрэсе захаваў старыя і заваяваў новыя пазіцыі ў заняпалым ліхвярстве, гандлі, рамястве, арэндзе, вытворчасці алкаголю. Ён прафесыйна дыферэнцыяваўся, з’яўляючыся вінакурам, дробным гандляром, ліхвяром і рамеснікам ці маклерам у адной асобе. Ён жыў сёняшнім днём, засвоіў усе прафесіі і застаўся абсалютным панам грамадскага механізму экамомікі” [3]. Б.Д.Вайнрыб дадае да гэтага эмацыйнага аповяду канкрэтныя лічбы: на час Чатырохгадовага сейму 3/4 экспарту і 1/10 імпарту Рэчы Паспалітай былі ў яўрэйскіх руках, у 1780 г. ўсе фабрыкі на Беларусі належалі яўрэям [4]. Эканамічная шкоднасць выгнання яўрэяў з нованабытых тэрыторый вырашыла пытанне аб прыёме прадстаўнікоў гэтай супольнасці ў лік падданых Расейскай імперыі на іх карысць.

Перад царыцай паўстала нялёгкая праблема вызначэння юрыдычнага статусу яўрэяў. З першага позірку расейскае заканадаўства адносна яўрэяў кацярынінскіх часоў здаецца незразумела супярэчлівым: у ім знойдзецца нямала і спрыяльных, і абмежавальных мераў. Гэткае хістанне можна растлумачыць уплывам на палітыку Кацярыны II розных грамадскіх сілаў. Вялікае ўздзеянне на светапогляд царыцы, як вядома, мелі францускія асветнікі, якія жадалі зрабіць з яўрэяў “добрых грамадзянаў” коштам перавыхавання на еўрапейскі лад і адмовы ад ізаляванасці, ці, па выразу Х.Хаўмана, “каланізацыі светаўспрымання” [5]. Але і ў асветнікаў па гэтаму пытанню не было адзінства поглядаў. Вальтэр, якога Кацярына лічыла сваім настаўнікам, уласцівым яму іранічным тонам распавядаў пра яўрэйскую карыслівасць, фанатычнасць, нянавісць да хрысціянаў і ўсведамленне святога абавязку руйнаваць апошніх пры дапамозе ліхвярства [6].

Здаецца, вучаніца пераўзыходзіла настаўніка ў талерантнасці. З першых крокаў Кацярына II падкрэслівала роўнасць яўрэяў з іншымі падданымі імперыі і сваё жаданне кіраваць імі згодна са справядлівым законам: “Веравызнанне гандляра не павінна служыць падставай ні для якога адрознення”. Забараняецца прымушаць яўрэяў сяліцца ў гарадах, гандлярам дазволена “з горада адлучацца, толькі б яны падаткі плацілі спраўна” [7].

Першыя заканадаўчыя акты адносна яўрэяў захавалі стан, які існаваў у Рэчы Паспалітай. Яўрэйская супольнасць была абкладзена падушным падаткам, якія, як і раней, збіралі кагалы. Яны выконвалі таксама ролю органаў мясцовага самакіравання і вырашэння канфліктаў [8]. Улада кагалаў была ўзмоцненая правам выдачы пашпартоў [9], без якіх яўрэі не маглі вольна перамяшчацца па краю. Але адначасова дзяржава пакідала сваім яўрэйскім падданым альтэрнатыўную магчымасць пазбавіцца ад уплыву кагала, праз пераход у купецкі стан. Тады яны павінны былі ўносіць прама ў магістрат працэнтны збор, а не шматлікія кагальныя падаткі [10]. Акрамя таго, Кацярына II першай у Еўропе робіць крок да эмансіпацыі яўрэяў, дазваляючы ім удзельнічаць разам з іншымі купцамі і мяшчанамі ў мясцовым самакіраванні. У рамках асветніцкай “палітыкі перавыхавання” заахвочваўся пераход да хрысціянства. Праз хрышчэнне неафіт набываў правы, якімі карысталіся іншыя вольныя падданыя расейскай кароны [11].

Але раптам сітуацыя змянілася. Імператрыца ўказам 1791 г. абмежавала тэрыторыю пражывання, а з 1 ліпеня 1794 г. павялічвае яўрэйскія падаткі ўдвая [12]. Прычына ахаладжэння Кацярыны II да яе яўрэйскіх падданых вельмі простая - ціск гандлёва-рамесных слаёў горада. Занепакоенае магчымасцю яўрэйскай канкурэнцыі маскоўскае купецтва падало ёй у 1790 г. прыгавор пра “пагрозу руйнавання ад яўрэяў” (хаця, па звестках Юлія Гесэна, у 1788-89 гг. у маскоўскае купецтва запісаліся толькі 3 (!) яўрэі [13]).

Такім чынам, першы перыяд у расейскім заканадаўстве адносна яўрэяў можна акрэсліць як паласу шырокага спрыяння і непарушнай аўтаноміі, якая памяншаецца з 1790 г. пад уплывам хрысціянскага насельніцтва гарадоў.

Перыяд царавання Паўла I (1796-1801 гг.) адзначыўся падцвярджэннем ранейпрынятых законаў пра яўрэяў (абмежавання перасяленняў мяшчанаў, падвойнага падатку, забароны запрыгоньвання яўрэяў) [14], увядзеннем кантролю за кніжным рынкам [15]. З мэтай разгляду яўрэйска-хрысціянскіх стасункаў, а разам з тым і прычынаў голаду, ахапіўшага Беларусь, сюды была накіраваная камісія на чале з сенатарам, вядомым рускім паэтам Гаўрылай Раманавічам Дзяржавіным. Адначасова свае меркаванні па азначаных пытаннях павінен быў выкласці ў дакладзе губернатар Літоўскай губерні І. Фрызель.

Схільны да лібералізму і асветніцтва Фрызель выказаўся за мягкую ўзаемакарысную інтэграцыю яўрэяў у расейскае грамадства. У яго дакладзе мэта рэфармавання акрэслена наступным чынам: “Пакласці канец няўладжанасці ў яўрэйскім народзе, прыпыніць грабежніцтвы кагальных старшыняў, засцерагчы простых яўрэяў ад прыгнёту і прывесці гэты народ у карысны для дзяржавы стан” [16]. Для гэтага, на думку Фрызеля, патрэбна парушыць яўрэйскую ізаляванасць і ўключыць іх у агульнарасейскія саслоў’і, каб яны маглі ўдзельнічаць у мясцовым самакіраванні і дэталёвай распрацоўцы яўрэйскай рэформы.

Сенатар Гаўрыла Дзяржавін, які лічыў, што “ўрады абавязаны распаўсюджваць і на яўрэяў сваё апекаванне такім чынам, каб яны і сабе, і грамадству былі карысныя” [17], варожа ставіўся да яўрэйскага традыцыйнага ладу жыцця. Сярод трапных, хаця і злосных заўвагаў наконт асаблівасцяў побыту, роду заняткаў і стану асветы ў яўрэяў, у яго запісцы мы знойдзем нямала бязглуздзіц, выкліканых няведаннем і забабонамі. Сярод такіх “перлаў” сцвярджэнне, што яўрэі не здымаюць у памяшканні ярмолку (рэлігійны звычай, які забараняе вымаўляць імя Бога з непакрытай галавой) як быццам таму, што “сябе шануюць перад усімі іншымі найлепшымі”; альбо фраза: “У справе з хрысціянамі ў іх праўды быць не можа. Гэта забаронена Талмудамі” [18]. Галоўную мэту рэформы Гаўрыла Дзяржавін бачыць у ліквідацыі кагалу, выкараненні “шкодных забабонаў рэлігіі”, вызваленні ад яўрэяў Беларусі “без нанясення каму-небудзь шкоды”. Для гэтага прапануецца прыцягнуць іх (калі спатрэбіцца, то і гвалтоўна) да рамяства і земляробства на абмежаванай тэрыторыі, забараніць гандаль, падпарадкаваць агульнаму кіраванню, асвеце і інш.


Случайные файлы

Файл
102229.rtf
112068.rtf
8636.rtf
26822-1.rtf
41798.rtf




Чтобы не видеть здесь видео-рекламу достаточно стать зарегистрированным пользователем.
Чтобы не видеть никакую рекламу на сайте, нужно стать VIP-пользователем.
Это можно сделать совершенно бесплатно. Читайте подробности тут.