Палітычная і эканамічная гісторыя Беларускіх земляу у другой палове XVII–XVIII ст. (60838)

Посмотреть архив целиком













Палітычная і эканамічная гісторыя Беларускіх земляў ў другой палове XVII - XVIII ст.


Змест


1. Утварэнне Рэчы Паспалітай

2. Войны сярэдзіны XVII - пачатка XVIII ст.

3. Гаспадарчае развіццё беларускіх земляў у другой палове XVI - першай палове XVII ст.

4. Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII - XVIII ст.

5. Эканамічны ўздым на Беларусі ў другой палове XVIII ст.

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Утварэнне Рэчы Паспалітай


У 1522 г. сейм ВкЛ гарантаваў гаспадару княства - Жыгімонту Старому, што яго сын Жыгімонт Аўгуст будзе абавязкова абраны на прастол у княстве пасля смерці бацькі. Але фактычна Жыгімонт Аўгуст стаў кіраваць княствам значна раней - яшчэ з кастрычніка 1529 г., калі на сойме ВкЛ ён пры жыцці бацькі быў абраны вялікім князем. Вялікую ролю ў гэтым адыграла яго маці - каралева Бона Сфорца. Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі, але ён рэдка ўмешваўся ў справы княства, бо больш займаўся справамі Кароны Польскай. У 1547 г. Жыгімонт па каханню ажаніўся з Барбарай Радзівіл, але Барбара, як і першая жонка Жыгімонта, хутка памерла. Іншыя шлюбы не прынеслі Жыгімонту ні асабістага задавальнення ні сыноў.

Лівонская вайна. У 1558 г. маскоўскі цар Іван IV, больш вядомы як Іван Жахлівы, распачаў вайну супраць былога Лівонскага ордэна. На той час Ордэн уяўляў сабой канфедэрацыю - саюз 5 княстваў, створаных нямецкімі рыцарамі. Асноўнай мэтай маскоўскага цара была здабыча выхаду да Балтыйскага мора, гэта давала магчымасць самастойна гандляваць з Еўропай без дапамогі шматлікіх пасрэднікаў. Атрымаўшы выхад да Балтыкі, Расія магла больш актыўна ўдзельнічаць і ў еўрапейскіх справах. Лівонія была аб’яўлена спадчынай маскоўскіх князёў на падставе таго, што ў старажытныя часы гэтай тэрыторыяй валодалі князі Кіеўскай Русі. Спадчынай Масквы таксама была названая і частка ВкЛ - беларускія і ўкраінскія землі з Полацкам, Віцебскам, Оршай, Магілёвам, Кіевам і іншымі буйнымі гарадамі.

Вялікая маскоўская армія ў першыя месяцы ваенных дзеянняў у Прыбалтыке захапіла Нарву, Дэрпт, падступіла да Рэвеля. Ордэн запрасіў перамір’я, адначасова актыўна стаў шукаць саюзнікаў у Еўропе, аднак Швецыя, Данія і Польша адмовіліся ваяваць супраць Расіі, толькі Вялікае княства Літоўскае, разумеючы небяспеку маскоўскага заваявання Лівоніі, вырашыла аказаць дапамогу Ордэну. У 1559 г. Лівонія перайшла пад пратэктарат ВкЛ, у выніку ваенныя дзеянні аднавіліся, і зноў паспяхова для Івана IV. У ліпені 1561 г. войска ВкЛ на чале з Мікалаем Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разбіта каля горада Пярну. Ордэн фактычна перастаў існаваць. Апошні магістр Кетлер перадаў у сакавіку 1562 г. Мікалаю Радзівілу Чорнаму (стрыечны брат Мікалая Радзівіла Рудога) пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі. Каб пашырыць кола ўдзельнікаў вайны, Кетлер перадаў эстонскія землі Швецыі, востраў Эзэль Даніі, Лівонію - ВкЛ, за сабой захаваў толькі Курляндыю на правах спадчыннага свецкага княства. Адначасова вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызначыў Кетлера сваім намеснікам у Лівоніі. Так перастала існаваць ваенна-царкоўная дзяржава - Лівонскі ордэн.

У адказ на гэта, атрады Івана IV у пачатку 1562 г. спустошылі ваколіцы Мсціслава, Шклова, Оршы, Віцебска, Дуброўны, Копыля. Для генеральнага наспуплення на Полацк пад Мажайскам рыхтавалася армія ў 60 тыс. чалавек.31 студзеня 1563 г. гэтае войска асадзіла Полацк, а праз 2 тыдні гераічнай абароны (15 лютага) захапіла горад. Вільня запрасіла міру, але патрабаванні маскоўскага цара былі празмерныя - Полацк і Лівонія павінны быць далучаны да Расіі. У 1564 г. ваенныя дзеянні аднавіліся. Невялікаму войску Мікалая Радзівіла Рудога ўдалося разбіць дзве рускія арміі - каля ракі Ула 25 студзеня і пад Оршай 2 лютага 1564. Спробы Івана IV пранікнуць у цэнтр дзяржавы былі сарваныя. Але рускі цар добра замацаваўся ў паўночнай Беларусі - у 1566-1569 гг. ён будуе каля Полацка крэпасці Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казьяны, Усвяты, Туроўля. У гэтых умовах княству патрабаваўся саюзнік, бо аднаму яму адбіць напады маскоўскага цара было немагчыма. Найбольш верагодным саюзнікам была Польшча, з якой у 1569 г. была заключана Люблінская ўнія. У 1570 г. новая дзяржава - Рэч Паспалітая пайшла на перамір’е з Іванам IV, апошняму так сама патрабавалася часова замірыцца з Літвой і Польшчай, бо пачаліся ваенныя дзеянні супраць Швецыі. Хутка памер апошні прадстаўнік дынастыі Ягеллонаў бяздзетны Жыгімонт II Аўгуст, таму ваенныя дзеянні аднавіліся толькі праз некалькі гадоў, калі ў Рэчы Паспалітай усталяваўся ўнутраны парадак.

Люблінская ўнія. У Польшчы, пачынаючы з Крэўскай уніі 1385 г., шырылася ідэя паглынання ВкЛ, што давала польскім магнатам і шляхце магчымасць займаць новыя пасады, набываць новыя багацці, у сваю чаргу, каталіцкая царква магла больш рашуча распаўсюджваць свой уплыў. Шавіністычныя настроі палякаў тым больш вырасталі, чым у больш складаныя абставіны трапляла Вялікае княства Літоўскае. Асабліва відавочна гэта было пад час Лівонскай вайны. Палякі патрабавалі поўнага ўключэння княства ў склад Польшчы. Тым часам дзяржаўныя дзеячы ВкЛ на чале з канцлерам Астафеем Валовічам і яго намеснікам Львом Сапегай згодны былі пайсці на аб’яднанне з Польшчай, але толькі на ўмовах ваенна-палітычнага саюза. Агульны сейм, на якім трэба было распрацаваць умовы аб’яднання, быў назначаны ў Любліне на 23 снежня 1568 г. Перамовы ішлі на працягу 6 месяцаў, але так і не скончыліся поспехам. Сітуацыя ўскладнялася тым, што шляхта ВкЛ горача падтрымлівала ўнію, бо ў выніку яе яна атрымлівала, як і ў Польшчы, роўныя з магнатамі правы, у тым ліку ў кіраванні дзяржавай. Калі перамовы нічога не далі і паслы ад ВкЛ пачалі раз’язджацца, палякі пайшлі на прамую інкарпарацыю княства. Жыгімонт Аўгуст падараваў Польшчы на вечныя часы ўкраінскія тэрыторыі княства - Валынь, Падляшша, Падолле і Кіеўшчыну. Ва ўмовах Лівонскай вайны гэта было цяжкай стратай для дзяржавы. Да того, вялікі князь (адначасова і кароль польскі) Жыгімонт Аўгуст загадаў дзяржаўным дзеячам і паслам ВкЛ падпісаць умовы ўніі пад пагрозай ліквідацыі дзяржаўнасці ВкЛ.

Сутнасцю новай уніі было стварэнне адзінай дзяржавы - Рэчы Паспалітай, але яна мела федэратыўны характар. Па ўмовах падпісаных дакументаў у Рэчы Паспалітай выбіраўся адзіны гаспадар, каранаваўся ён толькі ў Кракаве; сабіраўся агульны сейм, яго рашэнні павінны былі выконвацца на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай; касаваліся законы ВкЛ, што супярэчылі ўмовам уніі; феадалы аб’яднанай дзяржавы маглі набываць маёмасць у любым рэгіёне новай дзяржавы; павінна была праводзіцца агульная знешняя палітыка; уводзілася агульная грашовая адзінка, ліквідавалася мяжа паміж дзяржавамі і мытні на ёй; страчаныя ВкЛ украінскія тэрыторыі навекі адыходзілі да Польшчы, а Лівонія знаходзілася ў сумесным валоданні ВкЛ і Польшчы. Але ВкЛ не перастала існаваць пасля Люблінскай уніі. Княства было пастаўлена ў залежнае ад Польшчы становішча, але пэўная самастойнасць была захаваная. У княстве захавалася асобнае войска, дзейнічала сваё заканадаўства, свая судовая сістэма, свая адміністрацыя. Захавалася свая пячатка і беларуская мова дзяржаўнага справаводства. Фактычна, насуперак рашэнням Люблінскага сейма, засталася і свая грашовая сістэма, пры Стэфане Баторым была адноўлена і мяжа.

Шок ад умоў уніі атрымалі і магнаты і шляхта, што так дамагалася аб’яднання з Польшчай. У наступныя дзесяцігоддзі ў княстве праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на аслабленне наступстваў аб’яднання: працягвалі сабіраць асобныя ад палякаў сеймы, стварылі ў 1581 г. Галоўны Трыбунал - вышэйшую судовую ўстанову ў княстве замест вялікакняскага суда. У 1588 г. быў прыняты трэці Статут ВкЛ. У гэтым галоўным зводзе законаў княства Люблінская ўнія наогул не згадваецца. Насуперак рашэнням 1569 г., у княстве забаранялася прадаваць маёнткі іншаземцам (да іх адносіліся і палякі), дзяржаўныя пасады мелі права займаць толькі ўраджэнцы княства. У Статуце была замацавана норма, згодна з якой гаспадар нес адказнасць за захаванне тэрытарыяльнай адзінасці дзяржавы. Аднак унія засталася, яе вынікамі была паланізацыя і акаталічванне пануючага саслоўя княства - шляхты і магнатаў. Узмацнілася запрыгоньванне сялянства, княства ўцягвалася ў новыя знішчальныя войны. Узмацніўся польскі культурны націск, рэзка пагоршыліся ўмовы для развіцця беларускай культуры. Але ўнія была меньшым злом для ВкЛ у параўнанні з перспектывай быць заваяванымі Іванам IV.

Юрыдычна Люблінская ўнія была ліквідавана 3 мая 1791 г. з прыняццем Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, згодна з якой дзяржава страчвала свой федэратыўны лад.

Выбары караля. Са смерцю Жыгімонта Аўгуста скончылася дынастыя Ягеллонаў, якая правіла ў ВкЛ і Польшчы на працягу амаль 200 год. З’явілася новая традыцыя - выбранне караля з-за мяжы, з іншых каралеўскіх дынастый. Працэс выбрання зваўся элекцыя, складаўся з некалькіх этапаў. На першым сейме - канвакацыйным - вызначалася працэдура выбараў новага кіраўніка дзяржавы. Да выбараў караля кіраваць дзяржавай было даручана архіепіскапу гнезнескаму, прымасу Польшчы. На элекцыйным сейме праходзілі выбары караля з ліку некалькіх кандыдадаў. Асаблівасцю канвакацыйнага і элекцыйнага сеймаў было тое, што на іх не дзейнічала права “liberum veto”, што давала магчымасць адначасова праводзіць некаторыя рэформы.

На элекцыі 1573 г. на прастол Рэчы Паспалітай пратэндавалі Эрнэст, сын імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, Генрых Валуа - брат французскага караля, рускі цар Іван IV, семіградскі ваявода Стэфан Баторы. За кожным з іх стаяла групоўка з уплывовых асоб Польшчы ці ВкЛ. Пераможцам стаў Генрых Валуа (кароль і вялікі князь у 1574 г.). Але перад каранацыяй ён вымушаны быў зацвердзіць дзве паперы - “pacta conventa” і так званыя “Генрыкавы артыкулы”. “Pacta conventa” ўтрымлівала прывілеі і вольнасці дзяржавы, выдадзеныя каралямі і вялікімі князямі раней, а “артыкулы" былі распрацаваны непасрэдна для Валуа і будучых гаспадароў. Яны ўтрымлівалі наступныя палажэнні: кароль не меў права пратандаваць на перадачу ўлады па спадчыне; гарантавалася свабода хрысціянскага веравызнання; кароль не меў права прымаць рашэнні без абмеркавання з 16 сенатарамі; кожные 2 гады павінен сабірацца сейм, без згоды якога нельга ўводзіць новыя налогі і сазываць паспалітае рушэнне; без згоды сената нельга весці міжнародныя справы, прызначаць на вышэйшыя дзяржаўныя пасады і здымаць розных асоб. Калі кароль і вялікі князь не выконваў умоў “артыкулаў”, шляхта мела права на стварэнне канфедэрацыі і ўзброенае выступленне супраць каралеўскай улады.


Случайные файлы

Файл
170202.rtf
153643.rtf
55958.rtf
86219.rtf
12601-1.rtf




Чтобы не видеть здесь видео-рекламу достаточно стать зарегистрированным пользователем.
Чтобы не видеть никакую рекламу на сайте, нужно стать VIP-пользователем.
Это можно сделать совершенно бесплатно. Читайте подробности тут.