Дзейнасць хрысцiянскiх асветнiкаў XII ст. (74315)

Посмотреть архив целиком
















Дзейнасць хрысцiянскiх асветнiкаў XII ст.



Змест


1.

Дзейнасць хрысцiянскiх асветнiкаў XII ст.

1.1 Ефрасіння Полацкая

1.2 Кірыла Тураўскі

1.3 Клімент Смаляціч

1.4 Аўрамій Смаленскі

Спіс выкарыстаных крыніц



1. Дзейнасць хрысцiянскiх асветнiкаў XII ст.


Беларуская літаратура – адна з найважнейшых галін мастацкай культуры беларускага народа, своеасаблівае люстра яго багатага духоўнага жыцця, яго дум, імкненняў і перажыванняў, гуманістычных ідэалаў, магутны сродак нацыянальнага самавыяўлення і самасцверджання. Яе шматвяковая гісторыя – праўдзівы летапіс гісторыі нашага народа, яго складанага лёсу.

Развіццё культуры кожнага народа сацыяльна абумоўлена, дыктуецца актуальнымі патрэбамі і густамі часу, культурна-гістарычнымі ўмовамі жыцця грамадства. Яно абапіраецца таксама на духоўны вопыт папярэдніх пакаленняў, культурныя традыцыі мінулага, якія з'яўляюцца неабходным сродкам сувязі эпох, захавання пераемнасці і адначасова служаць жыватворным фактарам культурнага прагрэсу. Лепшыя традыцыі мінулага актыўна ўдзельнічаюць у стварэнні новага.

Развіццё культуры немагчыма без спадчыннай асновы, духоўна-творчага вопыту продкаў, выкарыстання, узбагачэння і далейшага развіцця нацыянальных традыцый. Вось чаму культурная спадчына з'яўляецца найкаштоўнейшым нацыянальным скарбам для кожнага народа і адыгрывае вырашальную ролю ў яго духоўным жыцці ў прасторы і часе. Таксама і літаратурная спадчына як арганічная частка нацыянальнай культуры, раскрываючы мастацкія багацці мінулага, дапамагае глыбей спазнаць народ і ўключыць яе лепшыя ідэйна-мастацкія з'явы ў наш духоўны актыў, зрабіць іх фактам і фактарам сучаснага культурна-гістарычнага працэсу, эфектыўным сродкам узбагачэння і развіцця нацыянальнай культуры. Выдатныя помнікі літаратуры як духоўна-творчыя з'явы пэўнага часу – гэта не толькі своеасаблівыя пасланні іх аўтараў сваім сучаснікам, але і сваім нашчадкам суайчыннікам.

Феномен многіх выдатных помнікаў культурна-гістарычнай спадчыны мінулага, класічных твораў літаратуры і мастацтва не толькі ў тым, што яны доўга жывуць у часе, уплываюць на свядомасць і сучаснікаў, і наступных пакаленняў, служаць і сучаснасці, і будучыні. Нярэдка іх сапраўдныя веліч, сэнс і значэнне становяцца лепш зразумелымі, больш аб'ектыўна і глыбока ўспрымаюцца і ацэньваюцца толькі на значнай адлегласці часу і ў кантэксце іншых з'яў эпохі. 3 часам яны не толькі не становяцца менш актуальнымі, але яшчэ больш моцна, шырока і глыбока пачынаюць уплываць і ўздзейнічаць на духоўнае жыццё народа. Гэта тлумачыцца рознымі прычынамі і датычыцца пераважна помнікаў даўняга перыяду, калі яны ў спецыфічных умовах таго часу не маглі адразу стаць вядомымі шырокаму колу людзей або паводле свайго агульнага характару, узроўню і зместу значна апярэджвалі свой час і таму не маглі быць адэкватна, належным чынам зразуметы, успрыняты і ацэнены сучаснікамі. Важнае значэнне маюць таксама і гістарычныя ўмовы жыцця народа ў дадзены перыяд.

Узнікненне ўсходнеславянскага пісьменства было звязана з утварэннем ва Усходняй Еўропе, куды перасяліліся славянскія плямёны з агульнай прарадзімы, першых дзяржаўных фарміраванняў. Вызначальную ролю ў зараджэнні літаратуры адыграла далучэнне ўсходнеславянскага грамадства да высокай культуры Візантыі шляхам прыняцця хрысціянства. Пісьменства таго часу мела пераважна царкоўна-службовы, гістарычны і юрыдычна-прававы характар, калі вартасці твора вызначаліся не эстэтычнымі крытэрыямі, не займальнасцю апавядання, а яго карыснасцю ў справе зацвярджэння хрысціянскага веравызнання і ўмацавання дзяржавы. Але з самага пачатку мастацкасць у падачы матэрыялу стала абавязковым элементам многіх жанраў пісьменства. На гэтай глебе пачалося ўзаемадзеянне з вусным слоўным мастацтвам, што прывяло як да развіцця выяўленчых магчымасцяў літаратуры, так і да пашырэння яе сацыяльных функцый.

Багатая на ідэі і вобразы, жанры і стылістычныя плыні, літаратура старажытнай Русі была цесна звязанай з працэсамі этна-, соцыя- і культурагенезу і адлюстроўвала ў сваім пачатку не столькі ўплыў імперскай візантыйскай ідэалогіі ці кіеўскіх “вялікадзяржаўных” памкненняў (хоць, вядома, літаратура не была пазбаўлена і гэтага), колькі апошнюю фазу глабальнага працэсу разгалінавання славянства на ўсходняе, паўднёвае і заходняе (кіева-наўгародскі этап зараджэння пісьменства, XI ст.), росквіт самога ўсходняга славянства і яго культуры, які супадаў з пачаткам дыферэнцыяцыі (XII – першая палова XIII ст.), яго распад, новую этна-культурную кансалідацыю і пачатак новай феадальнай цэнтралізацыі (этап «літаратурнай кансервацыі», другая палова XIII – першая палова XIV ст.). Аднак варта памятаць, што на двух апошніх этапах, як і ў XIV ст., складаліся, у выніку пачатку паступовага адасаблення літаратуры ад дыктату дзяржавы і царквы, творы агульнага ўсходнеславянскага зместу і значэння. Так, у рэтраспектыўным плане “Жыціе Аляксандра Неўскага”, “Маленне Данііла Заточніка” адзначаюць пачатак уласна рускай літаратуры, Галіцка-Валынскі летапіс – літаратуры ўкраінскай, “Жыціе Еўфрасінні Полацкай” і творы Кірылы Тураўскага – беларускай. Але ўсе гэтыя творы яшчэ захоўваюць агульную значнасць для ўсіх усходнеславянскіх народаў, між тым як “Аповесць пра Шаўкала”, “Казанне пра Даўмонта” значныя толькі ў кантэксце рускай літаратуры, а “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” – толькі ў кантэксце беларускай і г.д. Абапіраючыся на высока-развітыя візантыйскую і балгарскую літаратуры, яна, тым не менш, складалася як з'ява арыгінальная і высокаідэйная, а ў лепшых узорах – і як з'ява глыбока народная. Найбольш важным пры гэтым было тое, што літаратура ў цэлым не стала на службу якой-небудзь асобнай сацыяльнай карпарацыі (клірыкаў або феадалаў), а выпрацавала агульназначны маральны ідэал і з вышыні гэтага ідэалу звярталася да ўсяго грамадства, брала на сябе важнейшыя функцыі выхавання гістарычнай самасвядомасці, усталявання міру і справядлівасці, сцверджання агульначалавечых нормаў жыцця і паводзін, а ў шырокім плане – выхавання чалавека і грамадства, у тым ліку і выхавання эстэтычнага. Гэты працэс супаў са станаўленнем арыгінальнай жанравай сістэмы літаратуры, што абумоўлівала ўстойлівасць сярэднявечных жанраў у далейшым. 3 іншага боку, гэта давала пісьменніку права выказваць свае непасрэдныя адносіны да апісанага, ацэньваць навакольнае жыццё і асоб. Таму і станаўленне арыгінальнай беларускай літаратуры як з'явы нацыянальнай адбывалася на моцнай глебе літаратуры старажытнай Русі, якая прадстае перад намі як развітая, спелая, высокаідэйная і высокадухоўная па змесце і высокамастацкая па форме.


1.1 Ефрасіння Полацкая


Сярод жанчын-асветніц Ефрасіння (Еўфрасіння) Полацкая з'яўляецца найбольш яркай постаццю. Аднак жыццё і дзейнасць гэтай падзвіжніцы кніжнай справы ў Беларусі, фундатаркі і педагога немагчыма апісаць грунтоўна з-за адсутнасці дакументальных крыніц. Пра яе жыццё і дабрачыннасць распавядае толькі адна аповесць: “Жыціе і смерць святой і блажэннай і найпадобнейшай Ефрасінні, ігуменні манастыра Святога Спаса і Найсвяцейшай Ягонай Маці, што ў горадзе Полацку”. Гэты агіяграфічны твор, часам перанасычаны “біяграфічнымі гіпотэзамі”, значна большую ўвагу надае перадачы ўнутранага стану персанажа пры поўнай упэўненасці, што чалавек павінен быў паводзіць сябе толькі належным чынам. Таму на падставе “Жыція...” цяжка падаць рэальную біяграфію Ефрасінні.

У дзяцінстве яна мела імя Прадслава і, як лічаць даследчыкі, паходзіла з княжацкага роду. Яе дзедам быў полацкі князь Усяслаў Брачыславіч, а бацькам – малодшы з яго сыноў Святаслаў-Георгій. Бяздоказнай, хоць і прыгожай з'яўляецца гіпотэза, што маці паходзіла з сям'і, якая была ў сваяцтве з домам візантыйскіх імператараў Комнінаў. Год нараджэння Прадславы дакладна не ўстаноўлены, а прыблізна акрэсліваецца 1101-1105 гг. Пра дзяцінства Прадславы ў “Жыціі...” сказана вельмі мала, але паведамляецца, што “была дзяўчына вельмі здольная да кніжнай навукі, нават не дасягнуўшы яшчэ паўналецця, і было гэта плёнам малітвы. Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук. І па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць, і добрыя здольнасці да навук, і красу цялесную, бо была яна прыгожа надта абліччам”.

Прывабныя рысы, душэўная чысціня дзяўчыны рана выклікалі цікавасць да яе, і Прадславу сталі наведваць шматлікія сваты, каб парадніцца з вядомым полацкім княжацкім домам. Бацька Прадславы меў намер умацаваць сваё палітычнае становішча дынастычным шлюбам дачкі з сынам уплывовага князя, які вылучаўся сярод іншых сваім княжаннем і багаццем. Аднак Святаслава-Георгія чакала роспач: пад уздзеяннем духоўнай літаратуры дачка ўжо вырашыла прысвяціць сябе служэнню людзям і Хрысту. Яшчэ зусім маладая Прадслава разважала: “Што ж зрабілі нашы роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх міма праляцела і загінула іх слава, быццам прах і горш за павуцінне. Затое жанчыны, якія жылі раней, і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім Жаніхом і целы свае аддалі на пакуты, і склалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але духоўным мячом адсеклі ад сябе плоцкія асалоды, аддаўшы цела сваё на пост і надбанне, і каленныя пакланенні, і зямельныя ляжанні,- тыя памятныя на зямлі, іх імёны напісаны на нябёсах, і яны там з анёламі Бога ўслаўляюць. А слава гэтая – пыл і попел, быццам дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне”. Аднойчы князёўна пакідае бацькоўскі палац і ідзе ў манастыр. Даведаўшыся пра гэта, бацька рваў на галаве валасы, а маці плакала, як па нябожчыцы. Ды і ігумення манастыра родная цётка Ефрасінні, жонка Рамана Усяславіча, спрабавала адгаварыць Прадславу: “Яшчэ ж маладая ты векам, каб вынесці цяжар манаскага жыцця; як зможаш пакінуць княжанне і славу гэтага свету?!” Аднак не па гадах цвёрдая ў сваіх перакананнях Прадслава яшчэ больш настойвае на сваім рашэнні і нарэшце дабіваецца прыняцця ў манастыр, нарачоная цудоўным імем Ефрасіння (па-грэчаску – радасць).


Случайные файлы

Файл
133225.rtf
26550.rtf
podrhim.doc
176436.rtf
104000.rtf




Чтобы не видеть здесь видео-рекламу достаточно стать зарегистрированным пользователем.
Чтобы не видеть никакую рекламу на сайте, нужно стать VIP-пользователем.
Это можно сделать совершенно бесплатно. Читайте подробности тут.