Станаўленне беларускай дзяржаўнасці (60919)

Посмотреть архив целиком















Станаўленне Беларускай дзяржаўнасці



ЗМЕСТ


1. Станаўленне Беларускай дзяржаўнасці

1.1 Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі

1.2 Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі

1.3 Беларусь у час Савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў

1.4 Гаспадарка Беларусі ў час грамадзянскай вайны. Палітыка “Ваеннага камунізму”

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ



1. Станаўленне Беларускай дзяржаўнасці


Кіраўнікі Аблвыкамзаха і іншых савецкіх органаў улады займалі рэзка негатыўную пазіцыю па пытанню нацыянальнага самавызначэння Беларусі. Яны не былі беларусамі па паходжанню, на Беларусі апынуліся дзякуючы ваенным абставінам, мясцовай нацыянальнай спецыфікі не ведалі, а дзейнічалі зыходзячы з пазіцый вядомай нам тэорыі “заходнерусізма”. Аднак беларускія нацыянальныя партыі, у там ліку сацыялістычныя, прытрымліваліся іншага пункта гледжання. Вялікая беларуская рада пачала рыхтаваць Усебеларускі кангрэс, які павінен быў вырашыць далейшы лёс беларускіх губерній. Адначасова ўрад Савецкай Расіі даручыў Беларускаму абласному камітэту так сама правесці Усебеларускі з’езд з аналагічнай мэтай, на гэта мерапрыемства былі выдаткаваны грашовыя сродкі. Хутка ВБР і БАК аб’ядналі свае намаганні і прызначылі Усебеларускі кангрэс правесці ў Мінску ў снежні 1917 года.

Беларускі абласны камітэт быў створаны пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў з дэлегатаў Устаноўчага сходу, прадстаўнікоў арміі і фронту. Па палітычнай афарбоўцы гэта была больш леваэсэраўская арганізацыя. Кіраўнікамі БАК былі прадстаўнікі гэтай партыі Я.Канчар, Ф.Караткевіч, В.Селіванаў. БАК быў лаяльна настроены да савецкай улады, але не лічыў Аблвыкамзах усебеларускім органам улады. У БАК і ВБР былі разыходжанні па некаторых пытаннях правядзення з’езда, але яны вымушаны былі аб’яднаць свае дзеянні. Прадстаўнічы з’езд беларускіх арганізацый самага шырокага спектра пачаўся 14 снежня 1917 г., аднак частка дэлегатаў прыехала яшчэ 5 снежня і з гэтага дня пачала праводзіць нарады. Канчаткова на з’езд прыехала 1872 дэлегаты, 1167 з якіх мелі права рашаючага голаса. Найбольш прадстаўнічыя фракцыі мелі партыя эсэраў і БСГ. У выніку дыскусій паміж “абласнікамі” (выступалі за Беларусь у складзе федэратыўнай Расіі), “радаўцамі” (выступалі за поўную незалежнасць Беларусі) і левымі (цалкам падтрымлівалі бальшавікоў і іх праграму) была выпрацавана пастанова з’езда. Згодна з ёй З’езд абвясціў сябе вышэйшай уладай на Беларусі, устанаўліваў рэспубліканскі строй і органам часовай выканаўчай улады на Беларусі абвясціў Усебеларускі Савет сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

СНК Заходняй вобласці і фронту (К.Ландар) ўважліва сачыў за правядзеннем з’езда, таму, калі стала вядома, што яго дэлегаты імкнуцца стварыць альтэрнатыўныя Аблвыкамзаху нацыянальныя органы ўлады, заклікаюць да рэспубліканска-дэмакратычнай формы кіравання, СНК разагнаў з’езд у ноч на 18 снежня і арыштаваў найбольш актыўных яго ўдзельнікаў. Арганізатары з’езда, якіх пакінулі на свабодзе, стварылі праз месяц Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага з’езда (старшыня – Т.Грыб), які і павінен быў узначаліць барацьбу за адраджэнне беларускай дзяржаўнасці.

Аблвыкамзаху, які захапіў уладу на Беларусі, прыйшлося сутыкнуцца з рознымі рэальнымі пагрозамі сваёй уладзе. У студзені-лютым 1918 г. пачаў ваенныя дзеянні 1-ы польскі корпус пад кіраўніцтвам Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага, сфарміраваны яшчэ ў ліпені 1917 года на тэрыторыі беларускіх губерняў як частка рускай арміі. На пачатак 1918 года корпус налічваў каля 25-30 тыс. чалавек. У корпусе не былі выкананы загады аб дэмакратызацыі войска, забаранялася агітацыя сярод салдат. Польскія легіянеры не дазвалялі праводзіць канфіскацыі памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізаваць прадпрыемствы, адначасова легіянера рабавалі насельніцтва. У адказ на арышт бальшавікамі камандзіра корпуса 12 студзеня 1918 года легіянеры аб’явілі вайну Савецкай рэспубліцы. Ім былі захоплены Бабруйск, Рагачоў і Жлобін. З двух апошніх палякі хутка былі выгнаны, але ім на змену прыйшла больш сур’ёзная небяспека: 16 лютага пачалі наступленне нямецкія войскі.

Яшчэ ў лістападзе 1917 года ў мястэчку Солы каля Смаргоні дэлегацыя Ваенна-рэвалюцыйнака камітэту Заходняга фронту заключыла перамір’е з камандаваннем нямецкіх войскаў, а 20 лістапада пачаліся мірныя перамівы ў Брэсце паміж савецкай дэлегацыяй, дэлегацыяй Украінскай Народнай Рэспублікі і германскім камандаваннем. Дэлегацыя ад Усебеларускага з’езда (уваходзілі С.Рак-Міхайлоўскі, А.Цвікевіч, І.Серада) па патрабаванню Л.Троцкага да перамоў дапушчана не была. Немцы патрабавалі кантролю над акупіраванымі тэрыторыямі. У адказ Л.Троцкі адмовіўся падпісваць мірны дагавор і пакінуў Брэст. Пасля ўльтыматуму, на які Савецкі ўрад не адказаў, нямецкая армія 18 лютага пачала наступленне.

Ужо да пачатку сакавіка фронт знаходзіўся на лініі Орша-Магілёў-Гомель. 3 сакавіка 1918 г. у Брэст-Літоўску было заключана мірнае пагадненне паміж Савецкай Расіяй і Германіяй. Паводле пагаднення, Германія атрымала ўжо занятую яе войскамі Прыбалтыку, значную частку Украіны, Беларусі і РСФСР. Акупіраваная частка ўсходняй Беларусі пасля заканчэння ваенных дзеянняў павінна была перайсці ў склад РСФСР, заходняя перадавалася Германіі і Аўстра-Венгрыі. Беларусь не лічылася самастойным нацыянальным рэгіёнам і нават не мела свайго найменавання.


1.1 Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі


Скарыстаўшы наступленне нямецкіх войск і эвакуацыю Аблвыкамзаха ў Смаленск, 19 лютага аднавіў дзейнасць Выканаўчы камітэт Усебеларускага з’езда. Беларускія арганізацыі сумесна з эсэрамі і яўрэйскімі партыямі стварылі беларускі ўрад (Народны сакратарыят Беларусі) пад кіраўніцтвам Я.Варонкі. Урад абвясціў сябе часовай уладай на Беларусі. Паводле Першай Устаўной граматы (21.2.1918) абвяшчалася, што "… беларускі народ павінен ажыццявіць сваё неад'емнае права на самавызначэнне". Гаварылася пра неабходнасць “найхутчэйшага склікання ўсебеларускага ўстаноўчага сходу”.

Але немцы не збіраліся лічыцца з інтарэсамі беларусаў, у першыя дні акупацыі будынак Народнага сакратарыяту і яго актывы нават былі арыштаваныя. 9 сакавіка выканкам Рады Усебеларускага з’езда прымае Другую Устаўную грамату, у якой была абвешчана Беларуская народная рэспубліка (БНР) у межах пражывання пераважнай большасці беларускага народа, дэклараваўся шэраг дэмакратычных свабод, устанаўліваўся 8-мі гадзінны працоўны дзень. Гэта была сацыялістычная праграмма, на базе якой дзеячы і кіраўнікі БНР знайшлі паразуменне з прадстаўнікамі некаторых расійскіх сацыялістычных партый – у тым ліку з эсэрамі і меньшавікамі.

18 сакавіка выканкам ператвараецца ў Раду БНР, у склад якой былі ўведзены прадстаўнікі расійскіх сацыялістычных партый, а крыху пазней – і Віленскай беларускай рады, якая дзейнічала там раней пад назвай Беларускага народнага камітэту з моманта акупацыі заходняй часткі Беларусі. У адказ на Брэсцкій мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй і Германіяй 25 сакавіка з’яўляецца Трэцяя Устаўная грамата, дзе былі абвешчаны незалежнасць БНР і заклік да перагляду ўмоў Брэсцкага міру. Абвяшчалася, што Бада БНР сама павінна падпісваць пагадненні з зацікаўленымі бакамі, а раней падпісаныя пагадненні, якія датычыліся тэрыторыі Беларусі, страчвалі сваю моц. Аднак нямецкі ўрад не адрэагаваў на звароты Рады, бо лічыў Беларусь часткай Савецкай Расіі. БНР аказалася ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі, бо краіны-суседкі прэтэндавалі на беларускія тэрыторыі і не жадалі прызнаваць незалежнасць Беларусі. Напрыклад, да Украінскай Народнай Рэспублікі па ўмовах Брэсцкага міра адыходзілі землі на поўдзень ад Палескай чыгункі, Гомельскі, Рэчыцкі, Мазырскі і Пінскі паветы. А адноўленая Польшча адразу абвясціла сваёй мэтай “вяртанне” Польскай дзяржавы ў межы 1772 года.

Магчымасці рэалізацыі абвешчаных ідэй значна абмяжоўваліся ва ўмовах акупацыі Беларусі германскай арміяй. Урад БНР зрабіў вызначальную памылку і пайшоў на супрацоўніцтва з акупантамі. Па прапанове Р.Скірмунта на імя кайзера 25 красавіка 1918 года была адаслана тэлеграмма з падзякай за “вызваленне” Беларусі ад бальшавізма і прапановай узяць апеку над маладой беларускай дзяржавай. Аднак адказу з Берліна не было. Вынікам палітыкі змоўніцтва стаў востры крызіс унутры ўрада БНР і ў БСГ – галоўнай палітычнай сілы ў Радзе БНР. Раду пакінулі прадстаўнікі эсэраў, Бунда, меньшавікоў, частка БСГ. Наогул, БСГ распалася на тры партыі – Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў і Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, дзве апошнія пачалі ўзброеную барацьбу супраць акупантаў. Так, да восені 1918 года налічвалася каля 100 партызанскіх атрадаў толькі на частцы акупаванай тэрыторыі.

Аднак зараз ліберальна-кансерватыўная большасць урада БНР значна палепшыла свае адносіны з акупацыйнымі ўладамі. Ураду былі перададзены пытанні, звязаныя з арганізацыяй мясцовага гандлю, прамысловасці, сацыяльнай дапамогі, устаноў адукацыі і культуры. Аднак нямецкае камандаванне недазволіла стварыць сваю армію, паліцыю, фінансавую структуру і сетку мясцовых органаў улады. Актыўна дзейнічалі дыпламатычныя місіі БНР у Еўропе. У Кіеве была арганізавана Беларуская гандлевая палата.

Найбольшых поспехаў урад БНР дасягнуў у культурным будаўніцтве і развіцці адукацыі. Былі створаны за кароткі час да 350 пачатковых школ, некалькі гімназій, Мінскі педагагічны інстытут, выходзіла 28 газет, дзейнічала 11 выдавецтваў, выдавецтва “Адукацыя” актыўна друкавала падручнікі для школ, рыхтавалася адкрыццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (гэтай справай займаліся А.Смоліч, М.Доўнар-Запольскі, В.Ігнатоўскі).


Случайные файлы

Файл
zaksootv.doc
103239.rtf
96845.rtf
110423.rtf
вар17к2.doc




Чтобы не видеть здесь видео-рекламу достаточно стать зарегистрированным пользователем.
Чтобы не видеть никакую рекламу на сайте, нужно стать VIP-пользователем.
Это можно сделать совершенно бесплатно. Читайте подробности тут.