Дакументы справаводства перыяду Расійская Імперыі і савецкага часу: агульная характарыстыка і класіфікацыя (57089)

Посмотреть архив целиком

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ


кафедра гісторыі Беларусі










РЭФЕРАТ

на тэму:

«Дакументы справаводства перыяду Расійскай імперыі I савецкага часу: агульная характарыстыка I класiфiкацыя »













МИНСК, 2008


Дакументы справаводства перыяду Расійскай імперыі


Агульная характарыстыка


Уключэнне ў склад Расійскай імперыі прадвызначыла, безумоўна, і змены ў сістэме справаводства. Па меры ўмацавання расійскай улады на далучаных тэрыторыях яе абрысы выступалі ўсё больш акрэслена. Вытокі гэтай сістэмы можна бачыць як у расійскай рэчаіснасці, так і ў запазычанні рэфарматарам Пятром І мадэлей скандынаўскіх і германскіх краін з панаваннем ідэі спалучэння абсалютнай манархіі і праўлення закону. Усе дзяржаўныя ўстановы Расіі ў Пятроўскую эпоху былі забяспечаны інструкцыямі, рэгламентамі, настаўленнямі. Пры гэтым паказчыкам паспяховай працы чыноўнікаў з'яўляўся не толькі рэальны стан спраў, але і ўпарадкаванае справаводства. Добра пастаўленая справаздачнасць істотна ўплывала на ацэнку работы. Станаўленне масавага справаводства апарата кіравання адпаведна суправаджалася арганізацыяй органаў кантролю. Сістэма канчаткова аформілася ў выніку міністэрскай рэформы ХІХ ст. У яе структуры абсалютны манарх карыстаўся неабмежаванай уладай. Усе чыноўнікі залежалі ад цара, але ж і ён адчуваў на сабе ўплыў расійскай бюракратыі як адміністрацыйнага механізма.

Дакументы справаводства складаюць адну з самых вялікіх па колькасці і разнастайных па відах гістарычных крыніц канца XVIII – пачатку ХХ ст. Неабходна адзначыць, што ў дарэвалюцыйнай Расіі амаль адначасова з адміністрацыйным справаводствам развівалася ў якасцi самастойнай сістэмы ўліковая дакументацыя, якая ўключала напачатку бухгалтарскі ўлік, а пасля статыстычны.

Уласна расійскі справаводчы корпус складаецца са знешніх дакументаў (зносін і перапіскі), а таксама ўнутраных. Асаблівасцю справаводства дадзенага перыяду з'яўляецца дакладнае рэгламентаванне: дакументы павінны былі мець адпаведныя загалоўкі, індэксы, складацца з устаноўленых раздзелаў, якія вызначаліся ў законах і распараджэннях вярхоўнай улады (кожны дакумент мае асобныя элементы, што носяць назву «рэквізітаў»: аўтар, адрасат, подпіс, дата і г. д. Сукупнасць рэквізітаў, размешчаных пэўным чынам у дакуменце, складае яго «фармуляр»). Паперы справаводчага корпусу падзяляліся на пісьмаводства і ўласна справаводства. Апошняе разумелася як дакументальнае афармленне спраў (іх паступленне, рух і выкананне).

У сістэме справаводчай дакументацыі вылучаюць прыкладна пяць груп: 1) пратакольная група справаводства, што складалася з пратаколаў, журналаў і стэнаграфічных справаздач; 2) група справаздачнай дакументацыі, у якую ўваходзілі справаздачы, даклады, дакладныя запіскі, гадавыя справаздачы, справаздачы-агляды за некалькі год аб дзейнасці цэнтральных і вышэйшых дзяржаўных устаноў; 3) група перапіскі, што складалася з розных формаў перапіскі вышэйшых органаў з падпарадкаванымі ім установамі (прадпісанні, распараджэнні, загады, цыркуляры, запыты); 4) група перапіскі роўных устаноў ці ўстаноў, што не знаходзіліся ў падпарадкаванні адна з адной (афіцыйныя пісьмы, адносіны, паведамленні); 5) група перапіскі падначаленых устаноў з вышэйстаячымі (рапарты, данясенні, прадстаўленні, прашэнні, скаргі).

Паступова ўсё большую колькасць пачалі складаць дакументы, узноўленыя механічным спосабам. Побач з друкарскімі з'яўляюцца дакументы, надрукаваныя на множыльных апаратах: гектографе, мімеографе і інш. У канцы ХІХ ст. з'яўляецца машынапіс. Вялікае распаўсюджванне ў справаводстве атрымалі розныя друкарскія бланкі са штампам установы і пэўным тэкстам, у які неабходна было толькі ўпісаць асобныя словы, выразы.

І ўсё ж большасць матэрыялаў справаводства азначанага перыяду – рукапісныя помнікі, дзе з пачатку ХІХ ст. шырока распаўсюджваецца каліграфічны «канцылярскі» почырк. Пры гэтым каліграфічнасць спалучаецца з цэлымі нізкамі дадатковых сказаў, ужываннем спецыфічных канцылярскіх зваротаў, выразаў, тэрмінаў («канцылярская мова»).


Справаздачы губернатараў як крыніца па гісторыі Беларусі


Нас, безумоўна, цікавяць матэрыялы не столькі цэнтральных дзяржаўных устаноў, колькі правінцыйных, бо Беларусь стала правінцыяй (ускраінай) велізарнай імперыі. Сярод такіх матэрыялаў і дакументаў найперш і галоўным чынам трэба адзначыць справаздачы губернатараў. Тым больш, што гэтая разнавіднасць нібы ўвабрала ў сябе ўсе істотныя рысы справаводчых дакументаў азначанага перыяду.

На пачатку ХІХ ст. усталяваліся наступныя губерні: Магілёўская, Віцебская (Беларускае генерал-губернатарства), Віленская, Гродзенская і Мінская (Літоўскае генерал-губернатарства). У 1808 г. на тэрыторыі, што адышла ад Прусіі, была створана Беластоцкая вобласць і ў 1843 г. адбылася новая і апошняя пры царызме рэарганізацыя краю – з часткі паветаў Віленскай губерні была створана новая губерня – Ковенская.

З пачатку ХІХ ст. губернатары пачалі пасылаць у С.-Пецярбург свае справаздачы. Напачатку іх дадзеныя былі вельмі беднымі, у асноўным звесткі аб ураджаі, з пачатку 1820-х гг. яны дапаўняліся звесткамі аб пасевах. Не было нават устойлівай назвы гэтых дакументаў (найчасцей «донесение»), кожны губернатар па-рознаму складаў справаздачы. Уніфікацыя справаздач адбылася ў 1837 г., а з 1842 г. губернатары атрымалі спецыяльныя бланкі «ведамасцяў» для статыстычных матэрыялаў. З гэтага часу на пачатку справаздачы змяшчаўся складзены па агульнай праграме пісьмовы тэкст, а да яго дадаваліся шматлікія статыстычныя табліцы («ведамасці») на асобных старонках.

На працягу наступнага часу фармуляр губернатарскай справаздачы пастаянна змяняўся (нагадаем, што фармуляр дакумента – гэта паслядоўнасць яго структурных частак). У 1853 г. быў дапоўнены пералік пытанняў і раздзелаў. Вось якія раздзелы і пункты можам сустрэць з гэтага часу ў справаздачах губернатараў: 1) натуральныя і вытворчыя сілы губерні: мясцовасць, насельніцтва, дваранства, прамысловасць, гандаль, сельская гаспадарка; 2) падаткі і павіннасці; 3) грамадскі дабрабыт: дарогі, масты, пошты, раскольнікі, беглыя, асобы пад наглядам паліцыі, ахова здароўя, народная асвета, мясцовая адміністрацыя і судавытворчасць. І гэтыя звесткі запаўняліся шматлікімі статыстычнымі табліцамі ў ведамасцях.

Справаздачы звычайна складаліся ў чатырох экземплярах. Першыя экземпляры трэба было мець пры рапарце імператару, а копіі перадаваліся: адна – міністру унутраных спраў, другая – «галоўнаму мясцоваму начальніку» (г. зн. генерал-губернатару). Акрамя таго, зразумела, адзін экземпляр заставаўся на месцы. Дзякуючы гэтаму, большасць справаздач губернатараў захавалася ў архівах Вільні, Гродна, Мінска, Магілёва і Віцебска, а таксама Масквы.

Такім чынам, з канца 30 – пачатку 40-х гг. ХІХ ст. справаздачы губернатараў дазваляюць даследаваць розныя аспекты дэмаграфічных змен, становішча асветы ў краі. Каштоўнасць гэтых крыніц у іх перыядычнасці, у тым, што, дзякуючы ім, мы можам вызначыць працэс сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аднак трэба ўлiчваць, што ў шэрагу выпадкаў звесткі могуць быць несупастаўнымі. Адной з прычын гэтага з'яўляюцца шматлікія рэарганізацыі ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле, што працягваліся да пачатку 40-х гг. ХІХ ст., змены межаў губерняў і паветаў. Таму, напрыклад, параўноўваючы звесткі па Гродзенскай губерні да 1843 г. і пасля, трэба мець на ўвазе, што ўдзельная вага прамысловасці павялічылася не ў сувязі з агульным ростам вытворчасці, а ў сувязі з далучэннем Беластоцкай вобласці, дзе прамысловасць была больш развітая, чым у старых паветах губерні.
Тое ж – па Віленскай губерні: калі не ведаць, што ў 1843 г. плошча яе скарацілася на 1/3 і самыя ўраджайныя і эканамічна развітыя паветы адышлі да Ковенскай губерні, то можна зрабіць памылковы вывад аб спадзе вытворчасці і беспаспяхова шукаць прычыны такой з'явы.

Нярэдка да несупастаўнасці дадзеных прыводзяць розныя крытэрыі характарыстыкі тых ці іншых аспектаў. Напрыклад, не заўсёды дакладна вызначалася, што ўключаць у графу «неудобная земля». Адсюль парадоксы: скажам, у маёнтку Вішнева, што належала Храптовічу, у 1848 г. балоты складалі 3499 дзесяцін – 11,8% усёй плошчы, і ў той жа час у графе –«неудобные земли» вызначаны толькі 853 дзесяціны (г. зн. 3,0% зямлі). Атрымліваецца, што на балотах сеялі. Таму заўсёды трэба браць усю сукупнасць звестак і супастаўляць іх між сабой, выяўляючы памылкі.

Каб пазбегнуць такіх памылак, неабходна ведаць крыніцы звестак у губернатарскай справаздачы. Згодна заканадаўству, яны збіраліся паліцэйскімі чыноўнікамі (прыставамі і інш.) з адпаведных валасных і сельскіх упраўленняў. Пры гэтым менавіта першыя (якія самі непасрэдна дадзеных не складалі) неслі адказнасць за аператыўнасць і дакладнасць звестак. Дадзеныя аб народжаных і памерлых падаваліся духавенствам (але, як адзначым далей, яны таксама не заўсёды былі дакладнымі). З сярэдзіны ХІХ ст. звесткі для дадаткаў справаздач складаліся губернскімі статыстычнымі ўстановамі. Але ж, атрымліваючы недакладныя звесткі, нават самыя лепшыя прафесіяналы не маглі акрэсліць рэальнае становішча спраў. Да таго ж лічбы тэкстаў справаздач часам адрозніваліся ад тых, што прыводзіліся ў дадатках.

Пасля азначанай крытыкі справаздач губернатараў як гістарычных крыніц можа ўзнікнуць сумненне ў мэтазгоднасці іх выкарыстання. Але ж крыніц, што змяшчаюць выключна дакладную і поўную інфармацыю, не існуе. Пры ўважлівых адносінах справаздачы губернатараў выяўляюцца як вельмі каштоўная крыніца: у большасці выпадкаў іх дадзеныя больш верагодныя, чым справаздачы міністэрстваў (якія складаліся на іх аснове).






Чтобы не видеть здесь видео-рекламу достаточно стать зарегистрированным пользователем.
Чтобы не видеть никакую рекламу на сайте, нужно стать VIP-пользователем.
Это можно сделать совершенно бесплатно. Читайте подробности тут.